Не сілай, а розумам
Адзін чалавек пайшоў у лес дровы секчы. Насек дроў, сеў на пень адпачыць.
Прыходзіць мядзведзь.
— Гэй, чалавеча, давай будзем барукацца!
Паглядзеў чалавек на мядзведзя: дужы калмач — дзе з ім барукацца! Сцісне лапамі — і дух вон!
— Э, — кажа чалавек, — што мне з табою барукацца! Давай спярша паглядзім, ці маеш ты сілу.
— А як глядзець будзем? — пытаецца мядзведзь.
Узяў чалавек сякеру, расшчапіў пень зверху, убіў у расколіну клін і кажа:
— Калі раздзярэш гэты пень лапаю, — значыць, маеш сілу. Тады я з табою буду барукацца.
Ну, мядзведзь, не падумаўшы, тыц лапу ў расколіну. А чалавек тым часам трах абухом па кліне — той і выскачыў.
Тут пень і сціснуў мядзведзеву лапу, як абцугамі.
Раве мядзведзь, танцуе на трох лапах, але ні расшчапіць пень, ні вырвацца з яго не можа.
— Ну, што, — кажа чалавек, — будзеш барукацца са мною?
— Не, — енчыць мядзведзь. — Не буду.
— Вось бачыш, — сказаў чалавек. — Не толькі сілаю барукацца можна, а і розумам.
Убіў ён клін назад у пень, мядзведзь вырваў лапу ды ходу ў гушчар без аглядкі.
З таго часу ён і баіцца сустракацца з чалавекам.