Насцечка
З горада ў вёску да бабы і дзеда прыехала ўнучка Насцечка. Надта ж спадабалася Насцечцы ў дзеда і бабы. Так што калі тата і мама пачалі збірацца ехаць назад у горад, Насцечка нават заплакала:
— Не хачу нікуды ехаць. Хачу ў дзеда і бабы жыць.
Дзед і баба толькі таго і чакалі.
— Няхай пераначуе ў нас, — узяліся яны ўгаворваць тату і маму. — Калі што якое — заўтра прыедзеце і забераце.
Тата і мама паслухаліся.
Ні на крок не адыходзілі ад унучкі дзед і баба. I накармілі яе, і напаілі, і спаць палажылі.
Прачнулася раніцай Насцечка і доўга не магла зразумець, дзе гэта яна. Калі ж нарэшце зразумела, здагадалася, саскочыла з ложка, патэпала босымі ножкамі туды, дзе была кухня. Адчыніла дзверы — і ўбачыла бабу і дзеда. Баба, нагнуўшыся над дзіўнай драўлянай пасудзінай, нешта таўкла, а дзед... Што ж гэта такое рабіў дзед? Сядзеў на зэдліку і біў малаточкам па нечым бляшаным — дзінь-дзінь-дзінь!..
— Дзед, што ты робіш? — спытала Насцечка.
— Касу кляпаю, — заўсміхаўся ў свае пышныя вусы дзед.
— А навошта табе каса?
— Касою я накашу кароўцы сена. Кароўка з'есць яго і дасць нам малачка. А з малачка, як ты ведаеш, і смятана, і тваражок, і маселка.
— А ты, бабуля, што робіш? — падышла бліжэй да бабы Насцечка.
— Я таўку бульбу, — лагодна адказала баба. — Усыплю сюды мукі, развяду цёпленькай вадою ды свіней накармлю.
Пастаяла Насцечка, паглядзела на дзеда і бабу і кажа:
— Дзед сена будзе касіць, бабуля свіней карміць. А мне што рабіць?
— О! Абы ахвота была, а работы ў нас на ўсіх хопіць.
Кінула баба таўчы бульбу, узяла місачку, насыпала ў яе залацістых зярнят.
— Я вось пайду свіней карміць, а ты, — падала яна місачку з зярнятамі Насцечцы, — курэй накорміш. Куры наядуцца зярнят і яечка табе свежанькае знясуць...
Прыехалі з горада мама і тата, бачаць: стаіць Насцечка сярод двара і сыпле курам ячмень, а тыя дзяўбуць яго ды ціхенька — ко-ко-ко! — перамаўляюцца, няйначай, радуюцца, што памочніца ў дзеда і бабы з'явілася, хваляць яе.
Глядзелі на Насцечку тата і мама: малая, а якая малайчына! Цяпер яны пэўна ведалі: будзе Насцечка клапатлівая гаспадыня-працаўніца.