Наш дзень
Ганка,
Стась
I я — Марцін —
Мы раскажам вам аб тым,
Як жывём і дружым мы,
Як расцём мы дужымі,
Пачынаем дзень спачатку
Фізкультурнаю зарадкай.
Раз — налева.
Два — направа,
Крок наперад,
Крок назад.
Нават Стась маленькі жвава
Патрапляе з намі ў лад.
Ён стараецца, таму
I ўдаецца ўсё яму.
Каб не быць слабым і хмурым,
Не цурайся фізкультуры!
Эх, як весела бруіцца,
Льецца, булькае вадзіца.
Возьмем шчоткі — зубы тром
Беласнежным парашком.
З мылам мы пад кранам мыем
Рукі, вушы, твар і шыю.
Чыста мыцца — наша умова,
Той, хто чысты, — той здаровы.
За сталом утрох сядзім.
Мы з ахвотаю ядзім.
Нам заўсёды ўсё па густу:
Каша, бульба ці капуста.
— Я не буду... не хачу я... —
Слоў такіх ты не пачуеш.
За сталом у нас заўжды
Цішыня падчас яды.
Мы садоўніку старому
Пасабляем каля дому —
Сад у нас прыгожы:
На газонах
Мак чырвоны,
Ружы і гарошак;
Мы і дома пасабляем:
Я падлогу падмятаю,
Фартушок надзеўшы, Ганна
Мые кубачкі старанна.
Стась сваю работу знае —
Ён вазоны палівае.
Дзецям з працай трэба знацца,
Памагай бацькам у працы!
Дом вялікі. На двары
Шмат гуляе дзетвары, —
Весела заўсёды.
Разам з імі, як сябры,
Мы гуляем на двары,
Водзім карагоды.
Песня з намі неразлучна.
Падружыся з песняй гучнай!
Кнігі мы не забываем,
Кнігі ўважліва чытаем.
Перад кнігаю раскрытай,
Хоць яшчэ не знае літар,
За сталом сядзіць і Стась.
Ён малюнкі нам чытае,
Без памылкі разбірае,
Дзе шчупак, а дзе карась,
Дзе рабіна, дзе лаза,
Дзе рагатая каза.
Хочаш знаць усё і ўсіх —
Сябрам будзь цікавых кніг.
Вечар блізіцца — якраз
I канчаецца расказ.
Абяцанне мы стрымалі,
Пра сябе вам расказалі.
А цяпер пачуць цікава
I пра вас, пра вашы справы.
Гульні, дружбу і работу.
Спадзяёмся, вы з ахвотай
Нас, сябры, уважыце —
Пра сябе раскажаце.