Ліса і цецярук
Сядзеў цецярук на бярозе, ну і пеў свае песні. Пачула яго ліса і захацелася ёй цецеруком падсілкавацца. Вось яна падышла да дрэва і гаворыць:
— Слухай, цецярук. Ці не чуў ты, што цяпер пайшлі новыя законы, каб усе звяры мірна жылі і адзін аднаго не чапалі. Такі закон ёсць, я яго сама чытала.
А цецярук ёй гаворыць:
— Добрыя законы, але нешта, чую, недалёка сабакі брэшуць, ці не сюды яны бягуць?
Збіраецца ліса ўцякаць, а цецярук ёй кажа:
— Дык пачакай, можа, яшчэ які закон прынясуць. Раз такі закон, каб адзін аднаго не чапаў, то няма ж чаго баяцца.
Ліса гаворыць:
— А можа, яны яшчэ законы тыя не чыталі, то трэба ўцякаць.
I дала драла! Так лісе і не ўдалося абмануць цецерука.