Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Чараўніца

Няма галасоў

Жыла сабе раз удава, і былі ў яе дзве дачкі.
Старэйшая і з характару, і з твару была вельмі падобная да маці, — такая падобная, што людзі, убачыўшы іх разам, не маглі адрозніць, дзе адна, а дзе другая. Абедзве яны былі такія агідныя і такія фанабэрыстыя, што жыць з імі было немагчыма. А вось меншая дачка сваей дабрынёй і сумленнасцю была чысты бацька. I апроч таго яна была такая прыгожая, што другой такой не было нідзе ў свеце. Ды ўсё ж, вядома, падобнага да сябе любяць болей, і таму ўдава вельмі любіла старэйшую дачку і трываць не магла малодшай. Яна прымушала яе есці толькі на кухні і ўвесь час давала ёй якую-небудзь цяжкую працу.
Абавязкам беднай дзяўчыны было двойчы на дзень хадзіць па ваду аж за дзве вярсты ад дома, і кожны раз яна павінна была прынесці вялізны збан, поўны да берагоў. I вось аднаго разу, калі яна была ля крыніцы, да яе падышла бедная кабета і папрасіла напіцца.
— Зараз, зараз, цётачка, — сказала прыгожая дзяўчына. Яна хуценька спаласнула збан, наліла ў яго вады з найчысцейшага месца ў крыніцы і падала яго кабеце. Каб той зручней было піць, дзяўчына ўвесь час яго падтрымлівала. Напіўшыся, кабета сказала:
— Ты такая прыгожая, такая добрая і такая ветлівая, што я хачу зрабіць табе падарунак (а гэта была чараўніца, якая наўмысна абярнулася беднай сялянкай, каб пабачыць, якое сумленне ў гэтай дзяўчыны).
— Я вырашыла надзяліць цябе дарам, — сказала чараўніца. — Дзякуючы яму пры кожным слове, якое ты вымавіш, з рота ў цябе будзе выпадаць кветка або каштоўны камень.
Неўзабаве дзяўчына вярнулася дадому. Маці адразу накінулася на яе сварыцца, што яна так доўга хадзіла па ваду.
— Калі ласка, мама, даруйце, што я так спазнілася, — сказала бедная дзяўчына.
I пры гэтых словах з рота ў яе ўпалі дзве ружы, дзве перліны і два вялікія дыяменты.
— Што такое? — крыкнула маці, вельмі здзівіўшыся. — Па-мойму, у яе з рота выпалі дзве перліны і два дыяменты? Адкуль гэта ў цябе, дачушка мая? (Гэта быў першы раз, калі яна назвала яе дачушкай.)
Бедная дзяўчына шчыра распавяла ёй пра ўсё, што з ёй здарылася, і насыпала пры гатым безліч дыяментаў.
— Вось табе маеш! — сказала маці. — Трэба будзе паслаць туды і маю старэйшую. Чуеш, Фаншона? Побач, што падае ў тваёй сястры з рота, калі яна гаворыць! Хочаш мець такі дар? Тады бяры збанок ды схадзі па ваду да крыніцы, а калі якая-небудзь бедная кабета папросіць у цябе напіцца, налі ёй у збанок вады ды напаі.
— Яшчэ чаго! — груба адказала Фаншона. Ніколі такога на будзе, каб я пайшла на крышцу!
— А я кажу, што пойдзеш, — паўтарыла маці, — і зараз жа.
Давялося-такі старэйшай дачцэ ісці, хоць яна ўвесь час незадаволена бурчала. А з сабой яна ўзяла найлепшы срэбраны збанок, які быў у хаце. I вось ледзь яна паспела падысці да крыніцы, як убачыла, што з лесу выйшла раскошна апранутая пані. Гэта была тая самая чараўніца, якая раней гутарыла з яе сястрой, а цяпер абярнулася прынцэсай, каб пабачыць, наколькі гэтая дзяўчына можа быць несумленная. Яна падышла да старэйшай сястры
і папрасіла ў яе напіцца.
— Яшчэ чаго! — груба крыкнула чараўніцы фанабэрыстая дзяўчына. — Што, я сюды прыйшла вам ваду падаваць?! Ці вы думаеце, я прынесла гэты срэбраны збанок, каб вы з яго тут пілі! Вось што я вам скажу: піце проста з крыніцы, калі вам так хочацца.
— Вы вельмі няветлівая, — адказала чараўніца, але на твары ў яе не выявілася ніякага гневу. — Ну што ж, калі вы такая грубая, я надзялю вас дарам: пры кожным слове, якое вы скажаце, з рота ў вас будзе выскокваць гадзіна ці рапуха.
Яшчэ здалёк заўважыўшы сваю любую дачушку, маці закрычала:
— Ну што, дачушка мая?
— Анічога, мая матухна... — адказала грубіянка, і з рота ў яе выскачылі дзве рапухі і дзве гадзіны.
— О неба! — крыкнула маці. — Што я бачу? Усё гэта з-за тваёй сястрыцы! Ну, яна ўжо мне заплаціць!
I яна пабегла па малодшую дачку, каб яе набіць.
Але бедная дзяўчына ўцякла і схавалася ў лесе. Там яе і спаткаў сын караля, які вяртаўся з палявання. Ён заўважыў, якая яна прыгожая, і спытаўся, чему яна тут адна і чаго плача.
— О пане! — адказала дзяўчына. — Маці выгнала мяне з хаты.
Убачыўшы, што з рота ў яе выпалі шэсць перлаў і столькі ж дыяментаў, сын караля вельмі здзівіўся і спытаў, як у яе гэта выходзіць. I дзяўчына расказала гісторыю, якая з ёй здарылася. Пачуўшы гэта, сын караля вельмі ў яе закахаўся і падумаў, што такі дар варты ўсяго, што могуць даць у пасаг за любой прынцэсай. Ён прывёз дзяўчыну ў палац да свайго бацькі-караля, і там яны пажаніліся.
Што ж да яе сястры, дык тая хутка ўжо так усім абрыдла, што родная маці не вытрывала ды выгнала яе з хаты. Нябога доўга тулялася сям і там, але так і не знайшла нікога, хто б яе прытуліў. Так яна і памерла адна ў нейкім глухім лясным закутку.

Шарль Перо