Машыніст
Да дарогі ён прывык,
Дзень за днём у рэйсе:
Як страла ляціць цягнік,
Толькі звоняць рэйкі.
Сакавік
Люты месяц снегавік
Нечакана ноччу знік.
Больш не будзе халадоў,
Назаўжды мароз пайшоў.
I зрабілася цяплей
Ад праменняў-поціскаў,
Паспяшай, вярба, хутчэй
Стаць у белых коціках.
Расінкі
Пырснуў дожджык
Цёплы, спорны,
Нібы сонца,
Залаты.
Узнялі
Галоўкі ўгору
Каласістыя жыты.
Заіскрыліся расінкі,
Ураджайным
Будзе год.
Выгінае
Траўка спінку,
Як вясёлы
Васька-кот.