Пчолка
Веснавое сонца
Росы падбірае.
Вылецела у поле
Пчолка залатая.
Ёй за шчырай працай
Весела на полі:
Луг прыбраны ў кветкі,
I наўкол раздолле.
Зрання да змяркання
Пчолка залатая
Лётае па кветках
Ды мядок збірае.
Шмат сабрала пчолка
Мёду з розных кветак, —
Дома ім накорміць
Родных пчолак-дзетак.
Першыя сняжынкі
Лётаюць, сыплюцца
Зоркі-сняжынкі —
Белыя, лёгкія,
Быццам пушынкі.
Роўна так сцелюцца
Ў вёсцы і ў полі,
Круцяцца, кружацца
Ціха, паволі.
Лётаюць, сыплюцца
Снежныя зоркі...
Будзем на саначках
Ездзіць мы з горкі.
Коцік
Хлопчык любіць коціка,
Лашчыць ён варкоціка, —
Коцік міл яму.
З ім на двор гуляць ідзе,
Часта малачка дае
Сябру ён свайму.
Ходзіць коцік беленькі,
Хвосцік яго шэранькі,
А бяжыць — стралой.
К хлопцу прытуляецца,
Спінкай выгінаецца,
Хвост яго — дугой.
Поўсць яго пушыстая,
Беленькая, чыстая,
Мяккая, як лён.
Мышкі, сцеражыцеся!
Ціха!.. беражыцеся!
Ўміг вас зловіць ён.