Храбры певень
Па надворку певень ходзіць,
За сабою куры водзіць
I крычыць: — Сюды! Сюды!
Як кіўне ён галавою,
Сыплюць куры чарадою —
Як адна бягуць туды.
А калі хто кур пужае,
Певень грозна загукае:
— Хто такі там? Хто такі?
На лузе
Добра ў лузе ў час палудны!
Лёгка там дыхнуць!
Хмаркі белыя марудна
За лясы плывуць.
Ветрык краскі чуць калыша,
Травы шалясцяць,
Луг зялёны жыццём дыша —
Конікі трашчаць.
У лозах шчэбет не сціхае,
Шум стаіць і свіст,
У яркім бляску спачывае
На ракіце ліст.
На рэчцы зімою
Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.
– Мамачка-галубка! – просіць сын так міла.
– Можа б, ты на рэчку пагуляць пусціла?
Я не буду доўга, зараз жа вярнуся,
Трошачкі на рэчцы ў санках паважуся.
– Ну, ідзі, пабегай, толькі апраніся
Ды, глядзі, ў палонку, сынку, не ўваліся.
Радасць і раздолле хлопчыку малому
І не пазайздросціць ён цяпер нікому!
Дзед Мароз
Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.
Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай посцілкай-кажухам.
Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.
А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі