Коцік
Брудным быць не хоча коцік:
Мые спінку і жывоцік,
Мые лапкі, хвосцік мые...
Вучаць коціка малыя:
— Станеш чыстым, коце мілы,
Калі будзеш мыцца з мылам.
Часнок
На градзе сядзеў часнок
Пасярод гароду.
У расе сцюдзёнай мок,
Мёрз у непагоду.
Тонкі быў.
Ды вось чаго
Сталі пухнуць шчочкі?
Паглядзелі, а ў яго
Выраслі зубочкі.