Сойчына калыханка
Ціха, соечка, не плач, —
Гэта вухкае пугач,
Адпалохвае чарцей
Ад сваіх малых дзяцей.
Забаіцца чорт рагаты
У лясныя лезці шаты.
Спі, маленькая, не плач, —
Абароніць вас пугач.
Кенгуру
Спрытна скачуць
Пад гару
Цыбатыя кенгуру.
Вунь смяюцца
На гары
Вясёлыя кенгу-ры.
Не! Не так гавары,
I з гары,
I пад гару
Трэба мовіць —
Кенгуру.
Пумалама
Пума выбралася ў краму,
На каўнер купіла ламу.
Як прымерала каўнер —
Прыгажуня,
А не звер.
Кажа:
«Буду моднай самай,
Стану звацца пумаламай».