Паўцякалі цацкі
Зноў без адпачынку
Завіхаўся Федзя:
Паламаў машынку,
Разарваў мядзведзя,
Паадкручваў вушы
Шэранькаму зайку,
Перамазаў тушшу
Штонікі і майку.
З гэтае прычыны
Цацкі паўцякалі:
Заяц да Яніны,
А мядзведзь да Валі.
Не сквапная
Я цукеркі несла ў садзік.
Папрасіў адну Уладзік,
За Уладзікам — Люцынка,
А за ёю — Стась, Янінка,
I яшчэ падбегла Міла:
— Мне цукеркі не хапіла!
— На, апошнюю трымай,
Я не сквапная, ты знай!
Ветлівыя словы
«Калі ласка», «дзякуй», «добры дзень» —
Ветлівыя словы
Чую ад людзей.
Ветлівымі словамі
Трэба даражыць,
З ветлівымі словамі
Лёгка жыць.