Ровар
У мяне ёсць файны ровар,
Па дарозе мы ляцім.
Нам здзіўляецца карова:
Мы паспелі да пяці?
Мы вярнуліся з уловам,
Серабрыстых карасёў.
Ровар мой, як цуд каровам.
Стоп! Мы дома. Вось і ўсё!
23.06.2013
Арэлi
Мы паселі на арэлі,
Паляцелі праз нябёсы,
Сонцу ў вочы паглядзелі,
Раскудлачыў вецер косы.
Птушкі побач - ім цікава,
Але ж нам вяртацца трэба.
Загайдала нас на славу:
Аж з-пад ног сыходзіць глеба!
Цукеркi
Я на крэсла ўзняўся смела,
За цукеркамі палез:
Нешта ў вазе зіхацела,
Сілкавала інтарэс.
Крэсла хруснула імгненна,
Пахіснулася. Лячу ...
Вам, сябры, скажу сумленна:
Больш цукерак не хачу!!!
Шчанюк
Наш шчанюк разумны самы:
Толькі чуе голас мамы,
Робіць выгляд ён ласкавы
І гуляецца з катом.
Але толькі рыпне брама,
За якою знікне мама,
Стане ўсё яму цікава -
Пераверне цэлы дом!!!
23.06.2013