Сіненькія вочы
Нібы дзве расінкі
Ціхай цёплай ноччу,
Свецяцца ў Ірынкі
Сіненькія вочы.
Пасвятлее ў хаце,
Як яна ўсміхнецца.
Пакрычыць жа маці —
Уся слязьмі зальецца.
Ды не доўга плача,
Зноў развесяліцца.
Чуе зноў і бачыць,
Як звініць крыніца,
Як вясна раздоллем
Крочыць маладая,
Як пралеска ў доле
Сінню прарастае.
Красачкі лясныя —
Нібы зоркі ўночы.
У вясны такія ж
Сіненькія вочы.