Сані
— Хто вас гоніць
З горкі, сані?
— Ды ніхто,
Бяжым мы самі.
— А чаго вам
Так спяшацца?
— Трэба ж Яначку
Катацца.
Сняжынкі
Закружыліся
Сняжынкі
Нізка-нізка
Над зямлёй.
Ціха лётаюць
Пушынкі
Незлічонай
Чарадой.
Быццам тыя
Матылёчкі,
Весяляцца
Нездарма —
Адамкнула
Ўсе замочкі
Ў небе ім
Сама зіма.
Хлебная скарынка
Пахне
Хлебная скарынка
Цёплым ветрыкам,
Хваінкай,
Летнім дожджыкам
Грыбным,
Лугам,
Полем аржаным,
I асенняй пазалотай,
Ды натхнёнаю
Работай.
Адуванчык
Адуванчык,
Дзьмухавец,
Кучаравы маладзец.
Стаў ён
Пры дарожцы
На даўжэзнай ножцы.
Дзьмухнуў вецер —
Адуванчык
Стаў нібыта
Абарванчык.
Адуванчык,
Дзьмухавец,
Як падстрыжаны хлапец,
Бо на макаўцы
Ў былінкі
Аніводнай
Валасінкі.